Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Гістарычная спадчына.doc
Скачиваний:
31
Добавлен:
10.11.2019
Размер:
1.33 Mб
Скачать

4. Рэлігійнае жыццё. Межканфесійныя адносіны

Да 80-х гадоў 16 ст. насельніцтва Магілёва было спрэч праваслаўным. У апошняй чвэрці гэтага стагоддзя з’яўляюцца мяшчане рыма-каталіцкага веравызнання. З 16 ст. у горадзе ўзнікае і яўрэйская абшчына. Нягледзячы на пэўныя супярэчнасці ў Магілёве не было буйных міжканфесійных канфліктаў.

1596 год адзначыўся заключэннем у Брэсце царкоўнай уніі. Была аб’яднана праваслаўная царква ў Рэчы Паспалітай з каталіцкай. Не ўсе грамадзяне з ахвотай выканалі пастановы Брэсцкага царкоўнага сабору. Праваслаўным, у першую чаргу гараджанам, вельмі не падабалася, што ў каталіцкай царкве духоўная (царкоўная) улада вышэй за свецкую. Праваслаўныя братчыкі прызвычаіліся, у пэўнай меры, нават дыктаваць сваю волю святарам, успрымаючы царкоўную маёмасць як сваю і заключаючы дамовы з святарамі. Такое было немагчымым ва ўмовах падпарадкавання каталіцкім біскупам. Гэта прыводзіла к шматлікім канфліктам паміж праваслаўнымі гараджанамі і святарамі, якія прынялі уніяцтва. З аднаго боку было жаданне захаваць тое, што было, з другога прымус.

У знак пратэсту супраць гвалтоўнага насаджэння уніяцтва жыхары Магілёва ў 1599 г. не пусцілі ў горад архіепіскапа Г.Загорскага, які прыняў унію. Такім жа чынам у кастрычніку 1618 г., пагражаючы зброяй, яны абышліся з архіепіскапам I.Кунцэвічам, які хацеў падпарадкаваць праваслаўныя цэрквы уніі. Кунцэвіч накіраваўся ў Варшаву, паведаміў каралю пра выступленне магілёўцаў супраць уніі і дабіўся каралеўскага універсала, паводле якога 20 удзельнікаў выступлення (Ісаеў, Шульха, Пуцята, Шэўнік і іншыя) былі прыгавораны да пакарання смерцю, а на жыхароў горада накладзены штраф.

Падтрымку праваслаўным брацтвам у канфесійнай барацьбе, пашырэнні асветы і друкарства аказваў вядомы царкоўны і культурны дзеяч Рэчы Паспалітай мітрапаліт кіеўскі і галіцкі Пётр Магіла – заснавальнік Мсціслаўска-Аршанска-Магілёўскай праваслаўнай епархіі з цэнтрам у Магілёве і непасрэдны кіраўнік яе брацтваў і манастыроў.

Тым не менш праваслаўныя цэрквы перадаваліся уніятам. У 1692 г. кароль Рэчы Паспалітай выказаў пажаданне, каб магілёўцы добраахвотна сталі уніятамі, а калі яны гэтага не зробяць самі, то будуць у уніі паняволі. Правячыя колы Рэчы Паспалітай узмацнілі барацьбу супраць праваслаўных брацтваў. Сеймавай пастановай 1676 г. усе праваслаўныя брацтвы пазбавіліся права прамога падпарадкавання канстанцінопальскаму патрыярху і сталі залежнымі ад мясцовых епіскапаў, якія прызначаліся з ліку уніятаў. Міжканфесійныя праблемы актыўна скарыстоўвала ў сваіх палітычных мэтах Расія.

Шмат добрага і дрэннага можна пачуць аб католіках, аб дзейнасці на Беларусі і Магілёўшчыне каталіцкіх манашаскіх ордэнах. Не робячы дэтальнага аналізу, варта сказаць наступнае: не было б на нашых землях каталікоў – не было б у нас тэатру, батлейкі, оперы, балета і г.д. Каб падмацаваць гэтую думку, у якасці прыкладу, варта прыпыніцца і асвятліць асобныя старонкі дзейнасці каталіцкага ордэну езуітаў.

Да апошняга часу існавала і яшчэ існуе думка, што прадстаўнікі Таварыства Іісуса (езуіты) з’яўляліся ледзь не катамі беларускага народа, быццам бы садзейнічалі акаталічванню і апалячванню, не зважаючы на тое, што калі чалавек сам не захоча – яго ніхто не прымусіць. І толькі некаторыя беларускія даследчыкі станоўча ацэньваюць дзейнасць Таварыства на нашых землях.

За год да адкрыцця Амерыкі (калі кіравацца маштабамі сусветнай гісторыі) і праз год пасля нараджэння Францыска Скарыны (калі карыстацца храналагічнымі меркамі гісторыі нацыянальнай) з’явіўся на свет той чалавек, які заснаваў Таварыства Іісуса – інакш ордэн езуітаў. Менавіта 1491 год лічыцца найбольш верагодным пачаткам жыцця Іньіго Лёпэса де Ляёлі, больш вядомага пазней пад імем магістра Ігнацыя, альбо Ігнацыя Лайолы.

Нарадзіўся Ігнацый Лайола ў іспанскай шляхетнай сям’і, быў апошнім сынам у бацькоў. З 16 год служыў пры каралеўскім двары. Падчас хваробы ад цяжкага ранення, прачытаўшы багата духоўнай літаратуры, ён вырашыў ахвяраваць сябе Божай Маці і, выздаравіўшы, накіраваўся ў падарожжа ў Іерусалім. Вярнуўшыся, вучыцца ва ўніверсітэтах Барселоны, Саламанкі, Парыжа. Падчас вучобы, гуртуючы вакол сябе студэнтаў і каталіцкую моладзь, ён навучаў бліжніх праўдам веры, рыхтуючы іх душы да жыцця вечнага, згодна з распрацаванымі ім “Духоўнымі практыкаваннямі”, пазней пакладзеннымі ў аснову жыцця манахаў ордэна езуітаў. За сваю дзейнасць сярод моладзі неаднаразова атрымліваў папярэджванні ад інквізіцыі і нават аднойчы быў пасаджаны ў турму. Толькі ў апошні год навучання Ігнацыя ў Парыжы “Духоўныя практыкаванні” былі зацверджаны галоўным інквізітарам Парыжа.

27 верасня 1540 года папа Павел ІІІ асобнай булай зацвердзіў каталіцкі ордэн – Таварыства Іісуса, вядомы пад назвай езуіцкі ордэн. Асноўнымі задачамі таварыства лічыліся: захаванне і абарона веры; змаганне супраць пратэстантаў шляхам пісьмовай палемікі, тэалагічных дыспутаў (езуіты ніводнага разу не пацярпелі паражэння ў такіх дыспутах); найважнейшым было выхаванне і адукацыя моладзі. Была створана выдатная сістэма адукацыі на ўніверсітэцкіх прынцыпах. Асновай былі калегіумы (навучальныя ўстановы). Першы калегіум Таварыства быў заснаваны ў Рыме (1551 год). Для большай уплывовасці на грамадства, з мэтай выхавання яго, езуіты звярталі вялікую ўвагу менавіта на адукацыю і выхаванне сваіх членаў. Не так лёгка было стаць членам Таварыства. Той хто збіраўся гэта зрабіць - адмаўляўся ад сваёй маёмасці, даваў тры звычайныя абяцанні і пачынаўся шлях адукацыі, які працягваўся амаль 15 год, вытрымаўшыя давалі апошняе абяцанне – безумоўнага падпарадкавання папежу. У 1570 годзе езуіты распачалі сваю дзейнасць у Вялікім княстве Літоўскім. На сучаснай тэрыторыі Беларусі яны з’явіліся ў 1573 г. у Воршы. У 1579 г. быў адчынены калегіум у Полацку, затым яны ўзніклі ў Брэсце, Бабруйску, Віцебску, Гародне, Драгічыне, Магілёве, Менску, Мерачы, Наваградку, Слуцку, Пінску, Нясвіжы, усяго ў XVІІ ст. было 22 калегіумы. Дзякуючы Таварыству ў 1578 годзе ў Вільне з’явіўся першы ўніверсітэт на Беларусі – Віленская езуіцкая акадэмія.

У 1812 годзе Полацкі езуіцкі калегіум быў ператвораны ў акадэмію. Яна атрымала правы універсітэта, ёй падпарадкоўваліся 13 езуіцкіх вучылішчаў у Полацку, Санкт-Пецярбургу, Віцебску, Воршы, Магілёве, Мсціслаўлю, Чачэрску, Клімавічах, Рызе, Астрахані, Адэсе, Саратаве, Раманаве (Валынь). Полацкая акадэмія праіснавала да 1820 года.

У акадэміях мог вучыцца любы здольны, нягледзячы на веравызнанне і маёмасны стан. Акрамя выдатных ведаў там выхоўвалі патрыётаў.

Езуіты падрыхтавалі шэраг вядомых навукоўцаў: Казіміра Лышчынскага (1634-1689) – грамадскага дзеяча і педагога, Марціна Почобута (1728-1810 ) – астранома, Францішка Нарвойта (1742-1819) – матэматыка, Альберта Каяловіча (1609-1677) – гісторыка, Мацэя Казіміра Сарбеўскага (1595-1640) – філосафа і інш. Віленскую акадэмію закончыў Магілёўскі арцыбіскуп (19 ст.) Ігнаці Галавінскі. Значны след у развіцці беларускага кнігадрукавання пакінуў бакалаўр філасофіі і вольных мастацтваў, магістр тых жа навук, здабытых у Віленскай езуіцкай акадэміі праваслаўны Максім Вашчанка – выдавец кніг з Магілёва, заснавальнік Магілёўскай школы кніжнай гравюры. У 1814 г. Полацкую акадэмію закончыў будучы Магілёўскі біскуп А.Фіялкоўскі.

У 1840 г. праваслаўным епіскапам Мінскім і Бабруйскім стаў Антоні (Зубко) – выхаванец езуіцкай акадэміі, вядомы тым, што ў 1827г. адкрыў семінарыю ў Жыровічах.

Закончыў Віленскую акадэмію пакутнік, член Таварыства Іісуса Святы Андрэй Баболя (16.05.1591-1657). Св. А.Баболя праславіўся сваёй ахвярнай прапаведніцкай дзейнасцю ў Бабруйску і Пінску.

Езуіты засноўвалі свае рэзідэнцыі па тэрытарыяльнаму прынцыпу. Было створана на Беларусі 5 рэзідэнцый: у Бабруйску, Магілёве, Мсціслаўле, Слоніме, Юровічах. Больш дробнай адзінкай былі місіі, іх было каля 75. Напрыклад: у Лазовічах Клімавіцкага павету, Расна Чавускага павету, Чачэрску, Хольчы і г. д.

Прадстаўнікі Таварыства з’явіліся ў Магілёве толькі ў 1678 годзе. Адбылося гэта дзякуючы намаганням магілёўскага плябана Зеляновіча, справу якога працягнуў ксёндз Ян Ждановіч – пробашч магілёўскі. Яны былі фундатарамі магілёўскіх езуітаў. У хуткім часе езуіты набылі зямлю ў старым горадзе, заснавалі тут адну з пяці рэзыдэнцый. Тэрыторыя ў Магілёве, якая належала езуітам, размяшчалася адразу за каралеўскай брамай, па правым баку галоўнай вуліцы горада – Шклоўскай (цяпер месца паміж будынкам абласнога цэнтра культуры і домам №6 па вул. Першамайскай). Спачатку быў пабудаваны драўляны касцёл (існаваў у 1697 г.), у ім былі рэшты Св. Язафата Кунцэвіча. Побач будаваўся мураваны кляштар. Каля 1686 г. быў закладзены мураваны двухпавярховы будынак калегіума. Будаўніцтва было закончана ў 1699 г. У той жа год езуіты пачалі будаваць мураваны касцёл у гонар Св. Ксаверыя, які быў скончаны ў 1723 г. і асвечаны праз 2 гады. Гэта быў прыгожы і велічны будынак, багата аздоблены. Ён з’яўляўся сапраўдным упрыгожваннем Магілёва. На адной з трох’ярусных вежаў быў усталяваны гадзіннік.

У калегіуме ў розныя гады колькасць вучняў была неаднолькавая: 1798 г. – 154 чал., у 1817 г. – 176. Бацькі з ахвотай аддавалі сваіх дзетак вучыцца езуітам, як католікі так і праваслаўныя. Бо ў іх навучальнай установе давалі вельмі грунтоўныя і разнастайныя веды. У Магілёўскім калегіуме выкладалася філасофія, лацінская, грэчаская мовы, матэматыка, геаметрыя, астраномія, архітэктура, музыка і іншыя прадметы, існаваў пры калегіуме тэатр, вялікая і разнастайная бібліятэка. Навучэнцы павінны былі ведаць мовы, творы старажытнарымскіх аўтараў, умець складаць вершы, прамовы, спяваць у хоры, іграць на музычным інструменце.

У 1698 г. у Магілёве быў зафіксаваны паказ міракляў, або дыялогаў. Гэтую падзею можна лічыць пачаткам сапраўднага тэатральнага жыцця ў нашым горадзе. Найбольш актыўна езуіцкі школьны тэатр дзейнічаў у першай палове XVІІІ ст. У той час нават распаўсюджваліся праграмы школьнай сцэны. Сярод пастановак пераважалі панегірыкі, якія праслаўлялі прадстаўнікоў старадаўніх родаў ды іхнія гербы. Напрыклад, у 1722 г. выконваліся “Ганаровыя сармацкія знакі і дзедавы сякеры Асалінскіх”, у 1726 г. “Ключ ведаў, далучаны да ключа прадзедаўскага герба Міхайлоўскіх”, у 1732 г. пастаноўка “Укаранаванае жыццё мудрасці”. Пры калегіуме існаваў цудоўны хор і музычная бурса (аркестар).

Наогул, езуіты былі аднымі з заснавальнікаў беларускай оперы і балета, яны дапамагалі насельніцтву не толькі казаннямі, але і медыцынскай дапамогай. Каля калегіумаў будаваліся аптэкі і шпіталі. Большасць навучальных устаноў Таварыства Іісуса не мела абмежаванняў па канфесійнаму прынцыпу, туды мелі доступ і праваслаўныя. Значную ролю ў тым, што бацькі дасылалі сваіх дзетак вучыцца ў школы езуітаў адыгрывала тое, што там вучылі бясплатна. Мовай навучання пераважна была беларуская, польская стала ў канцы 18 ст. Паводле доктара гістарычных навук Л.Лыча: “… езуіты пайшлі на ўвядзенне ў Полацкім калегіуме беларускай мовы ў якасці навучальнай дысцыпліны…”. Езуіты клапаціліся каб іх выхаванцы былі фізічна моцныя, для чаго шмат часу адводзілася плаванню, верхавой яздзе, фехтаванню, іх добра і смачна кармілі, абучалі спевам і танцам, іграць на музычных інструментах.

Дарэчы, паводле дадзеных на 1776 г. у дыяцэзіі Магілёўскай налічвалася 146 рыма-каталіцкіх парафій і толькі ў 60 з іх працавалі свецкія ксяндзы, астатнія абслугоўвалі манахі розных рэгулаў.

Варта адзначыць цікавы факт з гісторыі жыцця магілёўскіх езуітаў. 22 траўня 1780 г. а сёмай гадзіне раніцы касцёл Св. Ксаверыя наведаў аўстрыйскі імператар Іосіф ІІ і доўга маліўся, стоячы на каленях. Ён прыбыў у Магілёў інкогніта, пад імем графа Фолькэнштайна для сустрэчы з расійскай імператрыцай Кацярынай ІІ.

У выніку можна адзначыць пладатворную дзейнасць Таварыства Іісуса на абшарах Магілёўшчыны і Беларусі ў 1682-1820 гг.

У 19 ст. магілёўскія езуіты падзялілі лёс сваіх братоў па ордэну: на пачатку папа Клімёнт XІV забараніў яго, але ў 1814 г. правы ордэна былі ўзноўлены папам Піем VІІ. Расійскі цар Аляксандр І выдаў загад аб выдаленні езуітаў з Расіі ў 1820г. На той час у Магілёве дзейнічала 12 езуітаў. Адной з прычынаў выдалення прадстаўнікоў Таварыства было і тое, што іх выхаванцы актыўна ўдзельнічалі ў нацыянальна-вызваленчым руху польскага і беларускага народаў, змагаліся супраць Расіі на баку Напалеона.

Кляштарныя будынкі забралі пад штаб 1-й расійскай арміі, а касцёл пад вайсковую царкву. Тут у 1826 г. дапытвалі дзекабрыстаў. Касцёльныя званы і вежавы гадзіннік былі перададзены Магілёўскаму брацкаму праваслаўнаму манастыру.

Пасля пераводу 1-й арміі, вайсковай царкве далі назву Васкрасенская, якая дзейнічала да 1929 года і была гвалтоўна зачынена па распараджэнню камуністычнай улады.

У будынку кляштара да рэвалюцыі размяшчаліся розныя ўстановы: вайсковы шпіталь, гасцініца, крамы Шыка і г.д. У міжваенны час тут знаходзіліся кравецкія майстэрні. Пасля вайны 1941-1945 гг. касцёл езуітаў (царква) быў знішчаны, кляштар занялі пад абутковую фабрыку. Пры пабудове дома №8 па вул. Першамайскай архітэктурны комплекс магілёўскай рэзідэнцыі езуітаў быў зруйнаваны.

Напрыканцы хочацца прывесці словы Л.Лыча: “… гэтыя ж самыя езуіты, якіх мы прывыклі падаваць на старонках літаратуры толькі цёмнымі фарбамі, адразу ж пасля прыбыцця на Беларусь пастараліся дасканала вывучыць мову яе насельніцтва, і пачалі карыстацца ёю ў храмах у час казанняў…”.

Акрамя гэтага езуіты, паводле таго ж даследчыка, адважыліся на тое, супраць чаго так упарцілася праваслаўная царква на Беларусі, прыступілі да перакладу і выдання на беларускую мову свяшчэнных кніг і рэлігійнай літаратуры. Ватыкан даў згоду на пераклад катэхізіса Канізія, кнігі П.Скаргі аб грэцкай схізме, пяці кароткіх трактатаў Генадзя Сколяра аб памылках грэкаў, жыція праваслаўных святых. Гэта было ў той час, калі ў Маскоўскай Русі прызнаваліся за ерытычныя спробы першадрукароў Ф.Скарыны, а пазней І.Фёдарава на ўнясенні ўсяго толькі элементаў мясцовых моў у свяшчэнныя кнігі з мэтай іх лепшага разумення.

Працягвае дзейнічаць Таварыства Іісуса і сёння. Іх бліжэйшыя цэнтры да абшараў Беларусі ў Варшаве (Польшча) і Вільні (Летува), некалькі іх прадстаўнікоў вядуць дзейнасць на Беларусі.

Такім чынам, на працягу 16 – 18 стст. у Магілёве пражывала каля 10-17 тыс. чалавек. Горад быў буйным гандлёвым і рамесным цэнтрам. У канцы 16 – пач. 17стст. налічвалася рамеснікаў больш за 80 розных спецыяльнасцей, каля 400 крам. Большасць рамеснікаў аб´ядноўвалася ў цэхі, а купцы ў гільдыі. Магілёўскія купцы падтрымлівалі сувязь больш чым з 60 гарадамі розных краін.

У 16 ст. адбыліся змены ў сацыяльным статусе Магілёва – горад быў вылучаны са складу воласці і 28 студзеня 1577 г. атрымаў Магдэбургскае права. Назіраецца інтэнсіўнае асваенне прылеглых да замка тэрыторый, узнікненне новых пасадаў, колькасны і якасны рост гарадской забудовы.

Лекцыя 3. Развіццё архітэктуры і мастацтва ў Магілёве. Быт жыхароў горада ў 15-18 стст

  1. Архітэктурная спадчына. Магілёўская школа дойлідства.

  2. Магілёўская школа іканапісу.

  3. Магілёўская школа гравюры.

  4. Заняткі, жытло і адзенне магілёўцаў.

  5. Жыццёвыя звычаі гараджан.

  6. Святкаванні ў Магілёве.

Неабходна засвоіць, што ў 16-18 стст. Магілёў з´яўляўся адным з буйнейшых цэнтраў мастацкай культуры не толькі Беларусі, але і ўсяго Вялікага княства Літоўскага. У выніку плённай працы таленавітых магілёўскіх майстроў у гэты перыяд склаліся: Магілёўская школа дойлідства, Магілёўская школа іканапісу, Магілёўская школа кніжнай гравюры. Сталі добра вядомы такія паняцці як: Магілёўская разьба, кафля, шкло, кераміка і г.д.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]