Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Гістарычная спадчына.doc
Скачиваний:
31
Добавлен:
10.11.2019
Размер:
1.33 Mб
Скачать

1. Помнікі горадабудаўніцтва ў сучасным Магілёве

Перад магілёўцамі стаіць адна з найбольш важных задач – захаванне культурнай і гістарычнай спадчыны Магілёва і яго жыхароў за тысячагадовы перыяд існавання.

У архітэктурна-планіровачнай структуры горада вылучаецца гістарычны цэнтр – помнік горадабудаўніцтва і архітэктуры. Тут можна вызначыць 4 гістарычныя зоны, у якіх часткова захавалася планіроўка старажытных пасадаў – Нагорскага, Шклоўскага, Пакроўскага і Задубровенскага. Цяпер гэтыя зоны з’яўляюцца помнікамі архітэктуры горадабудаўніцтва.

Нагорскі пасад – найбольш старажытная частка Магілёва, згадваецца ў навуковых дакументах 16–18 стст. Гэта тэрыторыя абмежавана вуліцамі Лазарэнкі (былая Велікакняжацкая, Віленская), Камсамольская (былая Дваранская), Архірэйскі вал Г.Каніскага (былы вал Чырвоная Зорка, Архірэйскі вал) і Левая Дубровенка. Каля 1526 г. на месцы старажытнага замка на высокім плато пры ўпадзенні Дубровенкі ў Дняпро быў пабудаваны новы Магілёўскі замак (цяпер тэрыторыя парку імя Горкага), плошчай больш за 1 га. Да замка далучаўся гандлёва-рамесніцкі Нагорскі (Нагорны) пасад, які пазней атрымаў назву Стары горад. Паміж замкам і пасадам сфарміравалася гандлёвая плошча (у канцы 18 ст. Губернская плошча, цяпер – Савецкая). Гандлёвая плошча ў пачатку 17 ст. займала тэрыторыю больш за 2 га, мела форму няправільнага шматвугольніка. На ёй знаходзіліся 26 драўляных крам. У канцы 18 ст. на плошчы створаны ансамбль мураваных грамадскіх будынкаў. Тэрыторыя Нагорскага гандлёва-рамесніцкага пасада была абнесена земляным абарончым валам, які называўся Кругавым (або Блізкім). За валам ішоў глыбокі роў, ён аддзяляў тэрыторыю Нагорскага пасада (у 1809 г. ён засыпаны, а частка вала на яго працягу скапана).

У той частцы вала, дзе праходзіў роў, былі 2 брамы: Ветраная (драўляная) і Каралеўская (мураваная). Ад кожнай брамы цераз роў перакідваўся драўляны мост. Ад Ветранай брамы пачыналася вул. Ветраная, ад Каралеўскай – вул. Шклоўская, яны вялі да гандлёвай плошчы. Да 17 ст. сфарміравалася двухпрамянёвая сістэма планіроўкі Нагорскага пасада. Яна існуе да нашага часу – ад Савецкай плошчы адыходзяць радыяльныя вуліцы Першамайская (былая Шклоўская, пазней Дняпроўскі праспект, Ульянавай-Крупскай) і вул. Ленінская (былая Ветраная, пазней Вялікая Садовая). На тэрыторыі Нагорскага пасада захаваліся падмуркі гарадской ратушы 17 ст. (Савецкая плошча), рэшткі езуіцкага калегіума 17–18 стст. (вул. Першамайская, 7а), фарны касцёл 17 ст. (часткова), архірэйскі палац 18 ст. (вул. Ленінская, 11 а), будынак гарадской управы 19 ст. (вул. Ленінская, 1), будынкі акруговага суда 18–19 стст. на Савецкай, абласнога драмтэатра 19 ст. на Тэатральнай плошчах, жылы дом 18 ст. (вул. Ленінская). Акрамя таго, на тэрыторыі Нагорскага пасада знаходзіўся шэраг помнікаў архітэктуры. Сярод іх два буйнейшыя праваслаўныя манастыры 17 ст. – Богаяўленскі і Спаскі, ансамбль Архірэйскага двара і духоўнай семінарыі 18 ст., Станіславаўскі касцёл 17–18 стст., фарны і езуіцкі касцёлы 17 ст., ансамбль грамадскіх будынкаў на Губернатарскай плошчы 18–19 стст. і інш.

Шклоўскі пасад забудаваны да канца 17 ст., займаў тэрыторыю старажытнага Шклоўскага пасада і прылеглыя да яго кварталы, якія разам з Віленскім і Задубровенскім пасадамі называліся Новым горадам. У сучасным Магілёве ён абмежаваны вуліцамі Лазарэнкі, Камсамольскай, Болдзіна (былая Вялікая Гваздоўка, Семінарскі), Ціміразеўскай (былы Варанцоўскі завулак), Дзябранскім Ярам і р. Дубравенка. Новы горад знаходзіўся паміж двума абарончымі валамі: Кругавым (Блізкі) і Палявым (Далёкі). Палявы вал абкружаў Новы горад і пачынаўся ад яра р. Дзебра, перасякаў Дубравенку і падыходзіў да Дняпра. У Палявым вале было восем драўляных брам. Тры з іх – Шклоўская, Віленская і Быхаўская – размяшчаліся на галоўных вуліцах і адкрывалі ўезд у горад адпаведна з поўначы, паўночнага захаду і паўднёвага захаду. У канцы 18 – сярэдзіне 19 стст. частка Новага горада пабудавана за Палявым валам. Планіровачная структура таго часу існуе і цяпер. У 1938 – 40 гг. тут створаны новы ансамбль плошчы. Захаваліся і асноўныя вуліцы Шклоўскага пасада: Першамайская, Ленінская, паралельныя ім Піянерская (былая Малая Садовая) і Карла Маркса (былая Зялёная), папярочныя К.Лібкнехта (былая Паштовая, Пажарная) і Міронава (Афіцэрская). Да нашага часу на тэрыторыі Шклоўскага пасада ёсць нямала помнікаў архітэктуры. Сярод іх Архіепіскапскі палац, жылы корпус Спаскага манастыра, жылы дом (усе 18 ст.), будынкі мужчынскай гімназіі, настаўніцкага інстытута (усе 19 ст.), будынкі банка, крэдытнага таварыства (усе пачатку 20 ст.), размешчаныя на вул. Ленінскай. Акрамя таго, на вул. Камсамольскай захаваўся Станіславаўскі касцёл 18 ст., на вул. Першамайскай – будынак жаночай гімназіі 19 ст., будынак Дваранскага сходу 19 ст. і царква Трох Свяціцеляў пач. 20 ст., на вул. Міронава – будынак пазямельнага банку пач. 20 ст., на вул. Піянерскай – будынак рэальнага вучылішча 19 ст.

Пакроўскі пасад забудаваны ў 16 – пачатку 18 стст. ў поймавай частцы Дняпра і нізіннага плато за Архірэйскім валам Г.Каніскага. 3 поўдня Пакроўскі пасад быў абмежаваны Дняпром, з усходу – ярам і р. Дзебра, з поўначы – Нагорным і Шклоўскім пасадамі. Гэта частка горада не мела абарончых збудаванняў з-за натуральных перашкод, якімі з’яўляліся Дняпро, яр Дубравенка і высокі Архірэйскі вал. Планіроўка Пакроўскага пасада нерэгулярная. Жылыя кварталы драўляных дамоў выцягнуты ўздоўж лініі Дняпра ў форме няправільных чатырох- і шматвугольнікаў. Захаваліся асноўныя вуліцы пасада: сучасныя Вялікая Грамадзянская (былая Вялікая Мяшчанская), паралельна якой праходзяць кароткія вул. Т.Сурты (былая Пакроўская, 1-я Мікалаеўская, Волі 1-я), Трубніцкіх (былая 2-я Мікалаеўская, Волі 2-я). У паўднёвай частцы пасада размешчаны прыдняпроўскі парк (меў ці мае назву імя 30-годдзя БССР). У гэтай частцы горада выдатны помнік беларускага барока – Мікалаеўская царква 17 ст., якая знаходзіцца ў комплексе з Ануфрыеўскай царквой 18 ст., шпіталем, званіцай, агароджай з брамай. Сярод сучаснай жылой забудовы вылучаюцца рэшткі яўрэйскай школы, а таксама драўляныя жылыя дамы 19 – пачатку 20 стст. На жаль, не захаваліся касцёл і кляштар Бернардзінцаў 17 ст., Пакроўская царква 18 ст., якія існавалі да сярэдзіны 20 ст.

Задубровенскі пасад у сучасным Магілёве займае тэрыторыю на захад ад Дубравенкі і ўздоўж правага берага Дняпра. Абмежаваны сучаснымі вуліцамі Завадской (былая Папінская), Чалюскінцаў (былая Быхаўская шаша), Мянжынскага (былая Малое Завалле), Лазарэнкі і Садовай (былыя завулкі Садоўскі, Пушкаровічаў). У пісьмовых крыніцах упамінаецца ў 16–18 стст., калі тэрыторыя пасада была ўмацавана часткай Палявога (Далёкага) вала з 5 драўлянымі брамамі: Віленскай, Уструшненскай, Трысненскай, Быхаўскай, Папінскай, ад якіх пачыналіся гарадскія вуліцы. 3 канца 17 – пачатку 18 стст. на гэтай тэрыторыі сфарміраваліся 3 пасады: на поўначы Віленскі, у цэнтры Задубровенскі, на поўдні Папінскі. Сучасныя вуліцы Лазарэнкі і Чалюскінцаў – галоўныя вуліцы Задубровенскага пасада. Яны злучаны папярочнымі больш кароткімі вуліцамі Мянжынскага, Вароўскага (былыя Быхаўская, Салтанаўская, Белаградская) і інш. На сучаснай тэрыторыі Задубровенскага пасада захаваліся 2 мураваныя Барысаглебскія царквы (зав. Брусава, 2), будынак жаночага епархіяльнага вучылішча (вул. Вароўскага, усе 19 ст.), а на старажытных каталіцкіх могілках (вул. Лазарэнкі) – 2 мураваныя капліцы.

У 2-й палавіне 19 ст. пачала забудоўвацца паўночная частка горада – Карабанаўскае прадмесце, абмежаванае цяпер вуліцамі Першамайскай, Віцебскі тупік, Карабанаўскай і Сурганава (былая Нагорная шаша). Архітэктурна-планіровачная структура прадмесця сфарміравалася ў 20 ст., калі ў 1902 г. была пракладзена чыгунка. Утварылася Прывакзальная плошча з мураваным будынкам чыгуначнага вакзала. Ад Прывакзальнай плошчы забудоўваўся Кацярынінскі тракт, які звязаў вакзал з цэнтрам горада. На былой тэрыторыі Карабанаўскага прадмесця захаваліся помнікі архітэктуры пачатку 20 ст.: комплекс будынкаў чыгуначнага вакзала, былы ваенны шпіталь на вул. Сурганава, артылерыйскія казармы на вул. Крупскай, а таксама жылыя драўляныя дамы 19 – пачатку 20 стст.

На сёння ў Магілёве маюцца 25 скульптурна-манументальных помнікаў, 34 абеліскі і стэлы, больш за 70 мемарыяльных дошак, каля 209 помнікаў архітэктуры і градабудаўніцтва (І-ІІІ катэгорыяў). Сярод памятных дошак і помнікаў асобам чый лёс непарыўна злучаны з гісторыяй Магілёва (якія з’явіліся ў апошнія дзесяць-дванаццаць год) варта адзначыць наступныя: помнікі В.Бялыніцкаму-Бірулі, П.Масленікаву, Т.Шаўчэнка, мемарыяльны комплекс “Буйніцкае поле”, дошкі ў гонар Г.Каніскага, С.Собаля, генерала М.Раманава, В.Турава, І.Чыгрынава, А.Куляшову. Грамадскай ініцыятывай ушанаваны ў горадзе – месца ахвярам сталінскіх рэпрэсій, месца пахавання першага кіраўніка ўрада Беларусі Ц.Гартнага (усталяваны памятныя крыжы).

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]