Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Гістарычная спадчына.doc
Скачиваний:
31
Добавлен:
10.11.2019
Размер:
1.33 Mб
Скачать

5. Жыццёвыя звычаі гараджан

Былі ў мяшчан і свае асаблівасці ў вядзенні гаспадаркі. Большасць з іх не трымала коней. Яны казалі: “зімой конь каня з’ёсць”. Меркавалі, што больш выгадна купіць каня ў Чавусах ці Шклове, адпрацаваць на ім лета, а ўвосень прадаць. Мяшчане трымалі кароў, частку малака прадавалі, у малако крыху дабаўлялі вады, інакш “карова не будзе здарова”. Існавала таксама павер’е, што залішняя хвала спажыўцом малака магла сурочыць жывёліну. У гаспадарцы заможнага мешчаніна было 5–7 свіней: для сваіх патрэб, на продаж і на развод. Кожны гаспадар меў пад павеццю сані, калёсы, збрую, а ў падполлі бочкі, кадкі, цэбры і інш. Нельга не адзначыць вялікую ашчаднасць і нават скупасць магілёўскіх мяшчан. Яны заўсёды прыхоўвалі грошы на чорны дзень. Прадаўшы тавар, ніколі не гаварылі сапраўдную цану, заўсёды яе памяншалі, розніцу прыхоўвалі. Здаралася, што пасля смерці каго-небудзь з гаспадароў у хаце ў розных месцах знаходзілі прыхаваныя грошы, іншы раз – у латках старога адзення, якое было выкінута ці аддадзена жабракам. Заможныя мяшчане харчаваліся добра, шмат у каго быў самавар для чаю. Усе гараджане мяшчанскага саслоўя абавязкова займаліся якім-небудзь рамяством, выгаднай для сям’і справай.

Жыццёвыя звычаі гараджан рэгуляваліся царкоўнымі канонамі і прадпісаннямі, якія строга і старанна выконваліся. У вялікі пост, напрыклад, магілёўскія мяшчане адпраўляліся на багамолле ў Кіеў. Група з 15–20 чалавек дабіралася туды за тыдзень і гавела ў Кіева-Пячэрскай лаўры. Там багамольцы набывалі царкоўныя кнігі, абразы, крыжы. У горадзе цяжка было знайсці сям’ю, якая б не ўдзельнічала ў такіх вандроўках. Мяшчане пасціліся вельмі строга, нават у часы халерных эпідэмій ў Магілёве ў 1848, 1849 і 1871 г., калі духавенства дазваляла спажываць мясную ежу. «Лепш памру, але не парушу святога посту», – гаварыла адна з хворых мяшчанак.

У Духаўскія дні па 2–3 сям’і, у якіх былі хлопцы ці дзяўчаты, выходзілі ў прыгарадныя гаі на так званыя «маёўкі», дзе пілі чай, гарэлку, розныя наліўкі. Вярталіся дамоў добра «падгуляўшыя». Цікава, што магілёўскія мяшчане не спявалі ў гасцях ці дома. Тых, хто спрабаваў спяваць на «маёўках», супакойвалі, палохалі паліцыяй. Затое і малыя, і старыя шмат спявалі ў царкоўных харах. Сярод мяшчан была пашырана мянушка «кулажнік». Тлумачылася гэта тым, што некалі ў горадзе для простага люду выраблялася немудрагелістая прысмака – кулага, густая мешаніна з ягад каліны, жытняй мукі і мёду. У час продажу яе гаспадар кулагі апускаў руку па самы локаць у месіва і здымаў прыліплае цеста пакупніку. Гэта была своеасаблівая мерка. Звычайна вырабам і продажам кулагі займаліся бяднейшыя, дробныя гандляры, якія вылучаліся сварлівым характарам, крыклівасцю, не заўсёды былі сумленныя. Вось іх і празвалі кулажнікамі, пасля такая мянушка прысвойвалася ўсім, хто ўдзельнічаў у базарных сварках.

Сур’ёзнай справай у мяшчан было вяселле. Хлопцу, які збіраўся жаніцца, будавалі двор, дзяўчыне збіралі пасаг. Рабілі для таго, каб маладыя адразу станавіліся на ўласную гаспадарку. Да жаніцьбы бацькі маладых складалі шлюбны кантракт, дзе агаворвалі ўсе пытанні вяселля і далейшага жыцця маладых. Даследчыкі мінулага вылучылі агульныя рысы магілёўскіх мяшчан – набожнасць, працалюбівасць, ашчаднасць, п’янства, недахоп адукацыі. Вельмі абразлівым у іх асяроддзі было слова «гультай».

Даволі значнай этна-культурнай часткай насельніцтва Магілёва былі яўрэі. У горадзе яны вядомы з 16 ст., займаліся вінакурэннем, піваварэннем, мёдаварэннем, трымалі корчмы і заезныя дамы, утрымлівалі ў сваіх руках аптовы гандаль, медыцыну, многія рамёствы. Сутыкненне інтарэсаў яўрэйскай абшчыны з хрысціянскай гандлёва-рамесніцкай часткай гараджан выклікала канкурэнтную барацьбу. 3 увядзеннем у Расійскай імперыі мяжы аселасці колькасць яўрэйскага насельніцтва ў горадзе значна павялічылася і складала, напрыклад, у 1909 г. 27474 чалавекі з 53518 усіх магілёўцаў. Жыццё яўрэяў рэгулявала абшчына. Як адзначае С.Бяспанскі, ад астатніх гараджан яўрэі адрозніваліся адзеннем. Мужчыны заўсёды насілі вузкі чорны балахон, шырокі чорны пояс, белыя ці сінія панчохі да каленяў, чорныя скураныя туфлі, на галаве чорны каўпак-ярмолку. Галаву галілі, пакідаючы на скронях валасы-пэйсы, якія спадалі да плячэй. Бароды ніколі не галілі. Яўрэйкі насілі рознакаляровыя без таліі сукенкі, на галаве вялікія хусткі, якія павязвалі накшталт чалмы, шыю ўпрыгожвалі ніткамі жэмчугу, на ногі абувалі туфлі, якія ляпалі ў час хадзьбы па пятах. Замужнія жанчыны, як і мужчыны, галаву галілі і насілі парыкі. Яўрэйскі хлопчык лічыўся паўналетнім у 13 гадоў, дзяўчынка – у 12 гадоў і адзін дзень. У шлюб хлопцы звычайна ўступалі ў 18, дзяўчаты – у 16 гадоў. Маладыя год жылі ў бацькоў нявесты, пасля будавалі свой дом. Дамы яўрэі не агароджвалі, у двары нічога не расло. Уваход у дом рабіўся пасярод яго, ацяпляліся дамы рускай печчу, драўляную падлогу ў дамах мылі толькі 2 разы на год (вясной і восенню), у той жа час у Дубравенцы мылі драўляную мэблю. Больш заможныя сем’і трымалі кароў, бяднейшыя – коз. Вельмі шанавалася ў яўрэяў субота. У гэты дзень яны не працавалі, нават чай у самавары гатавала хрысціянская прыслуга. Яўрэі верылі ў многія прыкметы. Ведаючы пра гэта, жартаўнікі, праваслаўныя ці католікі, часта насміхаліся з іх. Напрыклад, калі некалькі яўрэяў ехалі на калёсах, жартаўнік услых пачынаў лічыць іх. Яўрэі мітусіліся, спрытнейшыя хаваліся, бо верылі, калі той, хто лічыць, назаве правільную лічбу, хто-небудзь з падарожнікаў хутка памрэ. Трэба адзначыць, што яўрэі былі пазбаўлены права на вышэйшую адукацыю і дзяржаўнае кіраўніцтва, але яны практычна ўтрымлівалі ў сваіх руках аптовы гандаль, піцейныя ўстановы, вытворчасць алкаголю, добра ведалі рыначную кан’юнктуру.

3 іншых слаёў насельніцтва ў розныя часы ў Магілёве пражывала ў значна меншай колькасці шляхта, праваслаўнае, каталіцкае і уніяцкае духавенства, казакі, салдаты, рабочыя. Усе яны ўносілі свае адметныя асаблівасці ў культуру горада, яго архітэктуру і аблічча.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]