Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Гістарычная спадчына.doc
Скачиваний:
31
Добавлен:
10.11.2019
Размер:
1.33 Mб
Скачать

4. Магілёўскае піва

Без гэтага цудоўнага пітва немагчыма ўявіць гісторыю Магілёва. Як вядома, для гатавання піва неабходна прыгатаваць солад. У Магілёве гэтай справай з 1578г. займаліся не асобныя людзі, а цэлы цэх, у 1591 г. у ім працавала 17 саладоўнікаў. Але дзейнасць цэха, напэўна, не задавальняла цалкам патрэбы горада, таму паводле граматы караля Жыгімонта III 1604 г. дазвалялася ўсялякаму магілёўцу гатаваць піва і іншае пітво, але толькі для ўласнага спажывання, а не на продаж.

Як сведчыць інвентар Магілёўскага замка за 1604 г., кіраўніцтва Магілёўскага староства, якое месцілася тут, таксама не магло абысціся без піва. Сярод замкавай маёмасці, акрамя пякарні і карчмы згадваецца і мураваны бровар. Бровары былі і ў гараджан. Так, у 1638 г. магілёўскі бурмістр Цімафей Гапановіч ахвяраваў Богаяўленскаму брацкаму манастыру сваю маёмасць – 2 зямельныя пляцы, студню, а таксама бровар з лісцем, катлом піўным і ўсім начыннем для варэння піва.

Амаль ніводнае пасяджэнне магістрата, брацтваў і цэхаў не абыходзілася без гэтага пітва. Кожная старонка гарадскіх прыходна-расходных кніг сведчыць пра колькасць піва, назвы гатункаў і яго кошт. Сустракаюцца нават цэлыя рэестры, якія складзены ў Магілёўскім магістраце, пра прыгатаванне і продаж піва. У 17–18 стст., асаблівым попытам карысталіся гатункі піва «Тутэйшае» («Магілёўскае»), «Лупалаўскае» і «Простае», а таксама «Аршанскае», «Белае», «Кралеўскае», «Гданьскае».

Шмат піва было зварана ў час Паўночнай вайны, прычым, як адзначана ў «Запісках ігумена Арэста», піва розных гатункаў як для рускіх войскаў і іх камандзіраў, так і для шведскіх. Даследчык З.Яцкевіч у сваіх публікацыях прыводзіць некалькі красамоўных прыкладаў. 10.12.1708 г. Пётр I знаходзіўся ў Копысі і, як меркаваў магістрат, мог завітаць у Магілёў. Таму было прыгатавана шмат віна, мёду, піва і розных прадуктаў. Але цар не даехаў да Магілёва, і членам магістрата прыйшлося ўсе прыгатаванае выпіць і з’есці, каб не сапсавалася і дарма не прапала. Вядомы і другі цікавы факт. Пасля бітвы пад Галоўчынам 3.7.1708 г. галоўнае шведскае войска ўвайшло ў горад і з кожнай яго часткі (іх было 15) запатрабавала па 12500 фунтаў хлеба 1960 гарнцаў піва. У сістэме мер Вялікага княства Літоўскага вядомы малы, ці просты гарнец, які змяшчаў 2,8 л, і вялікі, ці цэхавы, – 5,6 л. Невядома, якімі гарнцамі запатрабавалі шведы, але калі і малымі, то гэта больш за 2500 л з кожнай часткі горада. Вядома, што з галадухі нельга злоўжываць ежай і пітвом, аднак шведы, відаць, пра ўсё забыліся, і, як піша летапісец, шмат іх тады ад пераядання памёрла.

У Магілёве, як і ва ўсёй Рэчы Паспалітай, піва ў 17–18 ст. каштавала па 4–6 грошаў за гарнец. Толькі фірменнае, накшталт «Лавіцкага» ці «Варшаўскага», – ад 8 грошаў да 1 злотага 16 грошаў. У час Паўночнай вайны кошт піва (як і іншых прадуктаў) у Магілёве павысіўся і яно каштавала 1 злоты за гарнец.

Калі ў 1772 г. Магілёў увайшоў у склад Расійскай імперыі, рамесніцкі выраб піва паступова стаў мануфактурным і заводскім. У 1783–84 гг. у горадзе дзейнічала 7 піваварных заводаў. Адзін з дакументаў сведчыць пра існаванне старога замкавага бровара ў вусці р. Дубравенка ў 1837 г. У 2-й палавіне 19 ст. ў Магілёве дзейнічала некалькі піваварных заводаў. Адзін з іх, які быў заснаваны ў 1862 г., і належыў вядомаму на Беларусі купцу, уладальніку піваварных заводаў, баварскаму падданаму Францу Міхайлавічу Лекерту. У 1879 г. завод размяшчаўся ў былым Маскоўскім (раней Лупалаўскім) прадмесці на вул. Шашэйнай у двухпавярховым мураваным будынку са скляпеннямі і млынамі для перамолвання соладу. У 1880 г. завод тэлефанізаваны, у канцы 19 ст. абсталяваны 2 паравымі машынамі, паравым катлом, меў водазабеспячэнне, а таксама ледавік для захоўвання піва. У 1913 г. на заводзе працавала 50 рабочых, якія выпускалі прадукцыі на 170 тыс. рублёў за год, у сярэднім каля 100 тыс. вёдзер. Найбольш вядомымі былі тры гатункі: «Бок-біра» (вышэйшы гатунак, вядро каштавала 2 руб.), «Баварскае» (2-і гатунак, 80 кап.), «Рускае» (3-і гатунак, 75 кап.). У тым жа прадмесці ў 1870 г. заснаваны яшчэ адзін піваварны завод, які ў 1910–13 гг. меў 3 паравыя рухавікі. На ім працавала каля 50 рабочых, выпускалася каля 150 тыс. вёдзер піва за год. Уладальніцай завода была Э.Яннік.

Завод Яннікаў адлюстраваны на адным са здымкаў пачатку нашага стагоддзя, што змешчаны ў экспазіцыі абласнога краязнаўчага музея. Побач знаходзяцца і фірменныя бутэлькі завода з 5 медалямі з разнастайных выставак. Зразумела, што магілёўскае піва сапраўды было лепшым, калі заслужыла гэтыя ўзнагароды. Прозвішчы ўладальнікаў адлюстраваліся і ў мясцовай тапаніміцы. У раёне сучасных праспектаў Шміта і Пушкіна побач з так званым пасёлкам Абісінія раней знаходзіўся Яннікаў луг, дзе для патрэб завода вырошчвалі хмель. Раён уздоўж праспекту Пушкіна і бліжэй да пачатку вуліцы Маўчанскага зваўся – лекертчызна. Менавіта там па вул. Габраўскай была адчынена харчовая крама пад назвай “Леккерт”, якая ў 2006 г. змяніла профіль і стала звацца “Бабруйск-мебель”.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]