Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
E1.docx
Скачиваний:
54
Добавлен:
04.08.2019
Размер:
273.89 Кб
Скачать
  1. Стварэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы індустрыяльна-аграрна грамадства: індустрыялізацыя I калектывізацыя сельскай гаспадаркі у бсср.

БССР у перыяд індустрыялізацыі і калектывізацыі. У другой палове 1920-х г. на змену эканамічнаму лібералізму перыяду НЭПа ў прамысловасці прыйшла палітыка індустрыялізацыі, прыярытэтным накірункам якой стала стварэнне ў СССР машыннай вытворчасці. Правядзенне індустрыялізацыі тлумачылася неабходнасцю пераадолення тэхнічнай адсталасці і залежнасці СССР ад імпарту прадукцыі цяжкай прамысловасці. Індустрыялізацыя ў БССР была часткай агульнасавецкага працэсу ў прамысловасці, але пры гэтым мела свае асаблівасці. Яе правядзенне звязвалася з шырокiм выкарыстаннем значных прыродных багаццяў Беларусі ― лесу i торфу, а таксама рэзерваў рабочай сiлы ў сельскай мясцовасцi, таму вялікая ўвага надавалася харчовай, тэкстыльнай і гарбарнай галінам.

Курс на індустрыялізацыю быў узяты бальшавікамі на ХІV з’ездзе ВКП(б) у 1925 г., але фактычнае яе ажыццяўленне пачалося з абвяшчэння першага пяцігадовага плана 1928−1932 г. Для стварэння машыннай вытворчасці патрабаваліся вялікія сродкі. Сярод асноўных крыніц індустрыялізацыі можна вызначыць наступныя:

  • калектывізацыя вёскі, у выніку якой былі створаны калгасы ― вялікія фабрыкі па вытворчасці збожжа, якое прадавалася за мяжу, а аплата працы калгаснікаў была натуральная і адбывалася раз у год пасля збору ўраджаю, што дазваляла дзяржаве эканоміць вялікія грашовыя сродкі;

  • дзяржаўныя абавязковыя ўнутраныя пазыкі і жорсткая эканомія пры аплаце працы рабочых;

  • сацыялістычнае спаборніцтва («стаханаўскі рух»), якое патрабавала вялікай мабілізацыі сіл працоўных і арганізоўвала працу рабочых пад лозунгам: «Выканаць план − доўг, перавыканаць − гонар!»;

  • продаж матэрыяльных каштоўнасцей за мяжу, сярод якіх у асноўным былі прадметы мастацтва: залатыя і сярэбраныя вырабы, карціны заходнееўрапейскіх майстроў і інш.;

  • барацьба з рэлігіяй, якая яшчэ раней была абвешчана «опіумам для народа», а закрыццё царквоў, касцёлаў і іншых рэлігійных установаў і канфіскацыя прадметаў рэлігійнага культу ў канцы 1920-х – 1930-я г. давала дадатковыя сродкі для правядзення індустрыялізацыі;

  • бясплатная праца зняволеных ГУЛАГА.

Ажыццяўленне індустрыялізацыі адбывалася адміністрацыйнымі метадамі. У 1929 г. Сталіным былі папраўлены лічбы пяцігадовага плана ў бок іх павелічэння, што было эканамічна неабгрунтавана, а ў студзені 1930 г. для фарсіравання тэмпаў індустрыялізацыі была абвешчана палітыка «вялікага скачка». Для прыбліжэння да планавых лічбаў індустрыялізацыя праводзілася экстэнсіўнымі сродкамі: за гады першай пяцігодкі толькі ў БССР было пабудавана 78 буйных і 480 дробных прамысловых прадпрыемстваў, а ў другой пяцігодцы ― 1 700 прадпрыемстваў.

Індустрыялізацыя суправаджалася вялікім напружаннем сіл працоўных і значнымі цяжкасцямі. У 1929 г. была ўведзена картачная сістэма размеркавання прадуктаў ва ўсіх гарадах. Міграцыя, выкліканая індустрыялізацыяй, ахапіла вялікія масы людзей, што абвастрыла жыллёвую праблему, павялічыла колькасць беспрацоўных. Разам з тым не хапала кваліфікаваных рабочых. Насуперак рэальным вынікам 7 студзеня 1933 г. Сталін абвясціў пяцігодку выкананай за 4 гады і 3 месяцы. Гэта не адпавядала рэчаіснасці, паколькі план першай пяцігодкі, як і ўсіх даваенных пяцігодак, не быў выкананы.

Вынiкi iндустрыялiзацыi не былі адназначнымі:

cтаноўчыя: у 1931 г. былі ліквідаваны біржы працы і знікла беспрацоўе. У БССР узніклі новыя галіны прамысловасці, такія як сельскагаспадарчае машынабудаванне, станкабудаванне, хімічная вытворчасць і інш. За гады першай пяцігодкі былі пабудаваны швейная і панчошна-трыкатажная фабрыкі ў Вiцебску, фабрыка штучнага валакна і трубаліцейны завод у Магілёве, дрэваапрацоўчыя камбiнаты ў Гомелi, Бабруйску і Барысаве, завод сельскагаспадарчых машын у Гомелi i iнш.; у другой пяцігодцы (1933 − 1937) былі пабудаваны Гомельскі шклозавод, Крычаўскі цэментны завод, Аршанскі льнокамбінат, Магілёўскі аўтаматорны завод і інш. З аграрнай краіны БССР ператварылася ў аграрна-індустрыяльную;

адмоуныя: iндустрыялiзацыя праводзiлася фарсiраваннымі тэмпамі і камандна-адміністрацыйнымі метадамі. Фактычна аднаўлялася жорсткая цэнтралізаваная сістэма кіравання прамысловасцю перыяду «ваеннага камунізму». Прамысловасць Беларусі стала часткай адзінага эканамічнага арганізма Савецкага Саюза і магла функцыяніраваць толькі ў ім, паколькі гаспадарчыя сувязі паміж прадпрыемствамі былі жорстка рэгламентаваны цэнтрам.

Сацыялiстычнае спаборнiцтва суправаджалася павелiчэннем норм выпрацоўкi i знiжэннем расцэнак выпускаемай прадукцыi, што патрабавала неверагоднага напружання сiл працоўных. Невыкананне плана разглядалася як наўмыснае «шкодніцтва», і па ўсёй краіне разгарнуліся масавыя кампаніі па выкрыцці «контррэвалюцыйных элементаў». У ходзе індустрыялізацыі пагоршылася матэрыяльнае становiшча ўсiх слаёў насельнiцтва і у першую чаргу сялянства ў час правядзення калектывiзацыi.

Калектывiзацыя ― палiтыка ў СССР у канцы 1920-х − 1930-я г., якая заключалася ў масавым пераводзе сялянскіх гаспадарак з індывідуальнай сістэмы гаспадарання на калектыўную і стварэнні калгасаў.

Прычыны калектывiзацыi былі абумоўлены неабходнасцю пошукў сродкаў для правядзення iндустрыялiзацыi. Разам з тым бальшавікамі была пастаўлена задача ліквідацыі прыватнай уласнасцi ў вёсцы, а для гэтага неабходна было ліквідаваць заможныя (кулацкія) сялянскія гаспадаркі. Іх уласнікі, як свабодныя таваравытворцы, не «ўпісваліся» ў рамкі адміністрацыйнага рэгламентавання эканомікі, паколькі выкарыстоўвалі ў сваёй гаспадарцы наёмную сілу, мелі прыбытак і таму разглядаліся бальшавікамі як класавыя ворагі.

Кааперыраванне сялянскiх гаспадарак адбывалася i раней у розных формах: спажывецкай, збытавай, вытворчай. Яны былі распаўсюджаны ў перыяд НЭПа, а галоўным прынцыпам была добраахвотнасць. Курс на калектывізацыю быў узяты ў 1927 г. на ХV з’ездзе ВКП(б), а з 1928 г. аб’яднанне сялянскiх гаспадарак у буйныя калгасы стала генеральнай лiнiяй партыi.

Першапачаткова калектывізацыя разумелася як добраахвотнае і паступовае аб’яднанне сялянскіх гаспадарак. Але сама ідэя аб’яднання ў калгасы на тэрыторыі Беларусі, як і ў іншых рэгіёнах СССР, не знайшла падтрымкі не толькі сярод простага насельніцтва, але і сярод кіруючых партыйных работнікаў. Супраць яе правядзення выступіла большасць беларускіх камуністаў, сярод якіх быў наркам земляробства БССР Д.Ф. Прышчэпаў. Таму ажыццяўленне калектывізацыі на тэрыторыі Беларусі стала магчымым толькі пасля іх арышту.

Добраахвотна ў калгасы да сярэдзіны 1929 г. аб’ядналіся каля 13 тыс. сялянскіх гаспадарак Беларусі, што складала прыблізна 1,4 % ад іх агульнай колькасці. Пераважна гэта былі гаспадаркі бяднейшых сялян, якім абагульняць у калгасную маёмасць па сутнасці не было чаго.

Калектывізацыя ў БССР, як і ва ўсім Савецкім Саюзе, актывізавалася ў перыяд збору ўраджаю 1929 г., а вялікіх тэмпаў дасягнула ў снежні 1929 г. На паскарэнне тэмпаў калектывізацыі паўплываў артыкул Сталіна «Год вялікага пералому», які быў надрукаваны ў газеце «Праўда» 7 лістапада 1929 г. У ім сцвярджалася, што ў калгасы пайшлі асноўныя серадняцкія масы, што абсалютна не адпавядала рэчаіснасці, паколькі ў калгасах на той час было аб’яднана каля 6−7 % сялянскіх гаспадарак, большасць з якіх былі бядняцкімі.

Каб прывесці ў адпаведнасць сталінскія жаданні і рэальную сітуацыю, у СССР пачалася «гонка за тэмпамі». 5 студзеня 1930 г. ЦК ВКП(б) выдаў пастанову «Аб тэмпе калектывізацыі і мерах дапамогі дзяржавы калгаснаму будаўніцтву», у якой для БССР быў вызначаны тэрмін завяршэння калектывізацыі − да 1933 г. Ад прынцыпу паступовасці і добраахвотнасці бальшавікі перайшлі да прынцыпу суцэльнай калектывізацыі, якая ажыццяўлялася гвалтоўнымі, прымусовымі метадамі. У дапамогу партыйным і савецкім работнікам у сельскую мясцовасць па ўсім СССР былі накіраваны 25 тысяч найбольш актыўных рабочых-камуністаў («дваццаціпяцітысячнікі»).

Такім чынам, за першыя тры месяцы 1930 г. колькасць сялянскіх гаспадарак, аб’яднаных у калгасы, узрасла да 58 % працэнтаў. Але гэта выклікала супраціў сялянства: ад забойства жывёлы, каб не здаваць яе ў калгас, сяляне перайшлі да антысавецкіх узброеных выступленняў. З пачатку студзеня да сярэдзіны красавіка 1930 г. толькі ў БССР было зарэгістравана 520 сялянскіх выступленняў.

Газета «Праўда» 2 красавіка 1930 г. апублікавала артыкул Сталіна «Галавакружэнне ад поспехаў», у якім крытыцы была падвергнута практыка прымусовай калектывізацыі. Сталін абвінаваціў ва ўсім мясцовыя ўлады («перагібы на месцах»). Сяляне зразумелі гэта як права выхаду з калгасаў, і да 1 чэрвеня 1930 г. колькасць сялянскіх гаспадарак у калгасаў скарацілася да 11 %, зніклі гвалтоўна створаныя калгасы.

Аднак летам 1930 г. адбылася наступная хваля калектывізацыі. Дапамогу ў яе правядзенні аказвалі машына-трактарныя станцыі (МТС) і створаныя пры іх палітаддзелы. Гэтая хваля прыкрывалася лозунгам аб «класавай барацьбе ў вёсцы». Яшчэ 1 лютага 1930 г. была выдадзена пастанова, якая заканадаўча замацоўвала неабходнасць ліквідацыі кулацтва як класа. З гэтага ж года было забаронена прымаць у калгасы кулакоў. Працэс калектывізацыі быў падменены працэсам «раскулачвання». Лёс кулакоў быў цяжкі: ад перасяленняў на Поўнач да турэмнага зняволення і нават расстрэлаў. 1932 г. быў абвешчаны «годам суцэльнай калектывізацыі».

Адсутнасць грашовай аплаты работы (сяляне працавалі за працадні) і ўласнай гаспадаркі ставіла пад пагрозу жыццё сялян. Разам з тым хутка падала прадукцыйнасць калгаснай сельскагаспадарчай вытворчасці, як у галіне вырошчвання збожжа, так і ў жывёлагадоўлі. У 1932 г. для ўсіх грамадзян СССР была ўведзена пашпартная сістэма, якая давала свабоду перамяшчэння, аднак сяляне пашпартаў не атрымалі. Гэта была свядомая палітыка дзяржавы, накіраваная на спыненне масавых уцёкаў сялян у гарады.

Найбольш цяжкая сітуацыя склалася ў 1932−1933 г., калі ў многіх раёнах Расіі і ва Украіне ўзнік страшэнны голад, выкліканы продажам за мяжу вялікай колькасці збожжа на патрэбы індустрыялізацыі. 7 жніўня 1932 г. СНК СССР прыняў закон аб ахове сацыялістычнай уласнасці, які ў народзе атрымаў назву «закон аб трох каласках». Згодна з ім, за збор збожжавых калоссяў з калгасных палёў вінаватыя падлягалі расстрэлу, які ў асобных выпадках мог быць заменены на 10-гадовае зняволенне з канфіскацыяй маёмасці. У БССР па гэтаму закону было асуджана амаль 11 тыс. чалавек. Каб некалькі палепшыць жыццё сялян, толькі ў 1937−1938 г. ім былі выдзелены невялікія зямельныя ўчасткі для вырошчвання бульбы і гародніны.

Вынiкi калектывізацыі. Да 1939 г. у калгасах на тэрыторыі БССР было аб’яднана больш за 90 % сялянскіх гаспадарак. Усталявалася калгасная ўласнасць, і калгаснiкi фактычна былi адхiлены ад валодання сродкамi вытворчасцi. Невялікі працэнт аднаасобнікаў быў абкладзены нязноснымі падаткамі. У БССР было раскулачана 34 тыс. сялянскіх гаспадарак, каля 700 тыс. вяскоўцаў былі высланы на Поўнач.

Такім чынам, за кошт каласальных ахвяраў да 1939 г. калектывізацыя ў БССР была завершана. Аднак вытворчасць у створаных калектыўных гаспадарках падала, скарачалася колькасць цяглавай і прадукцыйнай жывёлы, а праца, нягледзячы на стварэнне МТС, заставалася ў асноўным ручной.

Але сваёй галоўнай мэты калектывізацыя дасягнула ― прыватная ўласнасць на вёсцы была ліквідавана; за кошт стварэння калгасаў і арганізацыі калектыўнай працы дзяржава атрымала вялікія сродкі, неабходныя для правядзення індустрыялізацыі.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]