- •§ 1. Засяленне беларускіх зямель. Характарыстыка даіндаеўрапейскага перыяду этнічнай гісторыі Беларусі
- •§ 2. Індаеўрапейскі перыяд этнічнай гісторыі Беларусі, яго балцкі і славянскі этапы
- •§ 3. Узнікненне беларускага этнасу: розныя падыходы і канцэпцыі
- •§ 4. Паходжанне назваў “Белая Русь” і “Чорная Русь”
- •§ 5. Старажытнаруская дзяржава (Кіеўская Русь) – агульная раннефеадальная дзяржава-манархія ўсходніх славян
- •§ 6. Полацкае і Тураўскае княствы – першыя раннефеадальныя дзяржавы-манархіі на тэрыторыі Беларусі
- •§ 7. Беларускія землі ў перыяд феадальнай раздробленасці
- •§ 8. Барацьба супраць крыжакоў і татара-манголаў
- •§ 9. Увядзенне хрысціянства. Культура на беларускіх землях у іх – хііі стст.
- •Глава 1. Утварэнне вялікага княства літоўскага
- •Глава2. Палітычнае развіццё беларускіх зямель у хіv – хvі стст. § 1. Беларускія землі ў грамадска-палітычным жыцці вкл
- •§ 2. Знешняя палітыка вкл у хіv – сярэдзіне хvі стст.
- •Глава3. Сацыяльна-эканамічнае развіццё беларускіх зямель у складзе вкл § 1. Асаблівасці дзяржаўнага і саслоўнага ладу вкл
- •§ 2. Эканамічнае развіццё беларускіх зямель. Станаўленне фальваркава-паншчыннай гаспадаркі і масавае запрыгоньванне сялян. Беларускі феадальны горад
- •Глава4. Фарміраванне беларускай народнасці. Культура беларусі ў другой палове хііі – першай палове хvі стст. § 1. Фарміраванне беларускай народнасці
- •§ 2. Культура Беларусі ў другой палове хііі – першай палове хvі стст.
- •Глава1. Люблінская унія. Утварэнне рэчы паспалітай § 1. Гістарычныя ўмовы Люблінскай уніі
- •§ 2. Барацьба беларускага народа супраць польска-каталіцкай экспансіі
- •Глава3. Знешняя палітыка. Войны другой паловы хvі – хvш стст.
- •Глава 4. Сацыяльна-эканамічнае становішча беларусі (другая палова XVI–канец XVIII стст.)
- •Глава5. Паглыбленне палітычнага крызісу. Падзелы рэчы паспалітай
- •Глава6. Культура беларусі (другая палова XVI – канец XVIII стст.)
- •§2. Беларусь у Айчыннай вайне 1812 г.
- •§ 3. Рэвалюцыйны і нацыянальна-вызваленчы рух
- •§ 4. Змены ва ўрадавай палітыцы ў Беларусі ў 30 – 50-я гг. Хіх ст.
- •§ 5. Крызіс прыгоннага ладу. Эканамічныя рэформы 30 – 50-х гадоў XIX ст.
- •Глава 2. Культура беларусі канца XVIII – першай паловы XIX ст. § 1. Асаблівасці культурнага развіцця Беларусі. Адукацыя і навука. Беларусазнаўства – частка славістыкі
- •§ 2. Літаратура. Музычна-тэатральная культура. Выяўленчае мастацтва. Архітэктура
- •Глава 1. Буржуазныя рэформы. Пераход да капіталістычнай гаспадаркі § 1. Адмена прыгоннага права
- •§ 2. Буржуазныя рэформы 60–70-х гадоў і контррэформы 80–90-х гадоў
- •§ 3. Сацыяльна-эканамічнае развіццё беларускіх губерняў у 60‑я гадыXiXст. – першыя гадыXx ст.
- •§ 4. Беларусь напярэдадні першай сусветнай вайны. Сталыпінскія рэформы
- •Глава 2. Грамадска-палітычнае жыццё беларусі §1. Паўстанне 1863 – 1864 гг. У Польшчы, Літве і Беларусі
- •§ 2. Сялянскі і рабочы рух. Народніцкія і сацыял-дэмакратычныя арганізацыі на Беларусі
- •§ 3. Фарміраванне палітычных партый. Нацыянальнае адраджэнне. Першыя палітычныя арганізацыі
- •§ 4. Рэвалюцыя 1905–1907 гг. Палітычнае становішча ў паслярэвалюцыйныя гады. “Нашаніўскі перыяд” беларускага нацыянальнага руху
- •Глава 3. Беларусь у гады першай сусветнай вайны. Лютаўская буржуазна-дэмакратычная рэвалюцыя на беларусі § 1. Пачатак і прычыны Першай сусветнай вайны. Адносіны да вайны розных класаў і партый
- •§ 2. Беларусь у гады першай сусветнай вайны
- •§ 3. Беларускі нацыянальны рух
- •§ 4. Лютаўская буржуазна-дэмакратычная рэвалюцыя. Перамога рэвалюцыі на Беларусі
- •Глава 4. Фарміраванне беларускай нацыі. Культура беларусі другой паловы XIX – пачатку XX ст. §1. Фарміраванне беларускай нацыі
- •§ 2. Развіццё адукацыі, навукі, друку
- •§ 3. Мастацтва і архітэктура
- •§ 2. Кастрычніцкая рэвалюцыя на Беларусі. Першыя рэвалюцыйныя пераўтварэнні
- •§ 3. Размежаванне палітычных сіл на Беларусі пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі. І Усебеларускі з’езд (снежань 1917 г.). Мяцеж польскага корпуса пад камандаваннем генерала ю. Доўбар-Мусніцкага
- •§ 2. Барацьба беларускага народа супраць нямецкіх акупантаў. Абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі (бнр)
- •§ 3. Утварэнне Беларускай сср. Аб’яднанне Беларускай сср з Літоўскай сср
- •Глава 3. Беларусь у перыяд польскай інтэрвенцыі (1919–1920) § 1. Захоп тэрыторыі Беларусі войскамі Польшчы. Савецка-польская вайна
- •§ 2. Барацьба беларускага народа супраць польскіх інтэрвентаў. Беларускі нацыянальны рух
- •§ 3. Аднаўленне Беларускай сср
- •§ 4. Гаспадарчае і культурнае будаўніцтва ў 1919–1920 гг.
- •§ 2. Курс на сацыялістычную індустрыялізацыю. Асаблівасці яе правядзення ў рэспубліцы
- •§ 3. Калектывізацыя сельскай гаспадаркі
- •Глава 2. Грамадска-палітычнае жыццё § 1. Асноўныя рысы беларускага савецкага грамадства
- •§ 2. Нацыянальная палітыка. Беларусізацыя
- •§ 3. Беларускае замежжа
- •§ 4. Палітычныя рэрпрэсіі: прычыны, памеры, вынікі
- •Глава 3. Культурнае будаўніцтва § 1. Ліквідацыя непісьменнасці і малапісьменнасці дарослага насельніцтва. Развіццё асветы і навукі
- •§ 2. Беларуская літаратура, тэатральнае і музычнае мастацтва: асноўныя напрамкі развіцця
- •§ 3. Жывапіс, скульптура і архітэктура
- •Глава 4. Заходняя беларусь пад уладай польшчы § 1. Сацыяльна-эканамічнае становішча заходнебеларускіх зямель
- •§ 2. Нацыянальна-вызваленчая барацьба насельніцтва Заходняй Беларусі. Роля і значэнне дзейнасці палітычных партый і арганізацый камуністычнага і нацыянальна-дэмакратычнага напрамку
- •§ 3. Праблема адзінага рабочага і антыфашысцкага народнага фронту ў Заходняй Беларусі. Міжпартыйныя адносіны
- •Глава 1. Перадваенны крызіс і пачатак другой сусветнай вайны. Уз’яднанне заходняй беларусі з бсср. Далучэнне віленшчыны да літвы
- •Глава 2. Нападзенне фашысцкай германіі на ссср. Адпор ворагу ў пачатковы перыяд вайны
- •Глава 3. Акупацыйны рэжым на тэрыторыі беларусі. Дзейнасць беларускіх калабарацыяністаў
- •Глава 4. Барацьба беларускага народа супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў
- •Глава 5. Дзейнасць ваенных фарміраванняў арміі краёвай і арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў. Руская вызваленчая армія
- •Глава 6. Вызваленне беларусі. Заканчэнне вайны
- •Глава 7. Уклад беларускага народа ў вялікую перамогу
- •Глава 1. Сацыяльна-эканамічнае развіццё беларусі § 1. Аднаўленне народнай гаспадаркі рэспублікі пасля Вялікай Айчыннай вайны
- •Тэмпы росту валавай прадукцыі прамысловасці ў 1945–1950 гг. (у % да 1940 г.)
- •§ 2. Сацыяльна-эканамічнае развіццё бсср у 50‑я – першай палове 80‑х гг.
- •Глава 2. Грамадска-палітычнае і духоўнае жыццё. Культура беларусі § 1. Асноўныя рысы грамадска-палітычнага развіцця Беларусі
- •§ 2. Адукацыя і навука
- •Установы культуры Беларускай сср
- •§ 3. Літаратура і мастацтва
- •Глава 3. Беларусь на міжнароднай арэне § 1. Удзел бсср у барацьбе міжнароднага супольніцтва за вырашэнне глабальных сацыяльна-палітычных праблем, за мір і бяспеку
- •§ 2. Развіццё гандлёва-эканамічных адносін бсср з замежнымі краінамі
- •§ 3. Культурныя, навуковыя, спартыўныя і турысцкія сувязі бсср
- •§ 1. Палітыка перабудовы, яе змест і шляхі ажыццяўлення: розныя погляды і меркаванні
- •§ 2. Дзяржаўны пераварот у Маскве ў жніўні 1991 г. Абвяшчэнне незалежнасці Беларусі. Ліквідацыя ссср: розныя погляды і меркаванні
- •§ 3. Грамадска-палітычнае жыццё Рэспублікі Беларусь на мяжы XX – XXI стст.
- •§ 4. Канфесійная палітыка. Адраджэнне царкоўнага жыцця
- •§ 5. Рэспубліка Беларусь на шляху рыначных рэформ. Асаблівасці беларускай мадэлі сацыяльна-эканамічнага развіцця
- •§ 6. Культура Беларусі на сучасным этапе
- •§ 7. Рэспубліка Беларусь у міжнародным супольніцтве на мяжы XX – XXI стст.
§ 2. Буржуазныя рэформы 60–70-х гадоў і контррэформы 80–90-х гадоў
Неабходнасць рэфармавання дзяржаўна-палітычнага ладу Расіі. Рэформа 1861 г. ліквідавала галоўную перашкоду, якая стрымлівала развіццё капіталізму ў Расіі, – прыгоннае права. Але каб рухацца наперад да сапраўды буржуазнага грамадства, Расіі былі патрэбны іншыя рэформы дзяржаўна-палітычнага ладу. У 1860 – 1870-я гг. урад Аляксандра ІІ прыняў шэраг пастаноў аб правядзенні такіх рэформ: земскай, судовай, гарадской, ваеннай, школьнай і цэнзурнай.
Аднак у Беларусі гэтыя рэформы ажыццяўляліся са значнымі абмежаваннямі, якія былі выкліканы мерамі, што прымаліся ўрадам у сувязі з паўстаннем 1863 – 1864 гг., у першую чаргу абвяшчэннем тут ваеннага становішча, якое было адменена толькі ў 1870 г.
Судовая рэформа. З усіх рэформ самай радыкальнай з’яўлялася судовая. Новыя судовыя статуты, прынятыя 20 лістапада 1864 г., уводзілі бессаслоўнасць у судзе. Абвяшчаліся нязменнасць суддзяў, незалежнасць суда ад адміністрацыі, спаборніцтва і галоснасць судовага працэсу. Пры разглядзе крымінальных спраў прадугледжваўся ўдзел у судовым працэсе прысяжных засядацеляў, якія незалежна ад суддзяў выносілі рашэнне, вінаваты падсудны ці не. Для юрыдычнай дапамогі падсудным быў створаны інстытут прысяжных павераных (адвакатаў), якія не знаходзіліся на дзяржаўнай службе і не залежалі ад урада. Працэс папярэдняга следства перадаваўся ад паліцыі судовым следчым. Значна скарачалася сістэма судаводства. Першай інстанцыяй стаў міравы суд з адзіным суддзёй, другой – павятовы з’езд міравых суддзяў, потым ішлі акруговыя суды (у губернях) і судовыя палаты (аб’ядноўвалі некалькі губерняў). Для ўсіх судоў імперыі існавала адзіная апеляцыйная інстанцыя – Сенат. Міравыя суддзі павінны былі выбірацца на павятовых земскіх сходах і ў гарадскіх думах. Члены судовых палат і акруговых судоў зацвярджаліся імператарам, а міравыя суддзі – сенатам. Нагляд за дзейнасцю судовых устаноў ажыццяўлялі пракуроры, якія падначальваліся непасрэдна міністру юстыцыі. Разам з тым судовая рэформа пакідала валасны суд для сялян (па грамадзянскіх і дробных крымінальных справах), духоўны суд (кансісторыю) па справах духавенства і ваенныя суды для вайскоўцаў. Вышэйшыя дзяржаўныя чыны падлягалі Вышэйшаму крымінальнаму суду.
У Беларусі судовая рэформа пачалася толькі ў 1872 г. з увядзення міравых судоў. Паколькі ў Беларусі адсутнічалі земствы, то міравыя суддзі, у адрозненне ад цэнтральных губерняў Расіі, тут не выбіраліся, а прызначаліся міністрам юстыцыі па рэкамендацыі мясцовай адміністрацыі. Акруговыя суды, судовыя палаты, прысяжныя засядацелі і прысяжныя павераныя з’явіліся ў заходніх губернях толькі ў 1882 г. Спіс прысяжных засядацеляў таксама зацвярджаўся ўладамі. Усё гэта было вынікам паўстання 1863 – 1864 гг. – самадзяржаўе не давярала мясцовым памешчыкам, сярод якіх былі моцныя прапольскія настроі.
Земская рэформа. Земская рэформа, аб’яўленая 1 студзеня 1864 г., прадугледжвала стварэнне ў паветах і губернях выбарных устаноў для кіраўніцтва мясцовай гаспадаркай, народнай асветай, медыцынскім абслугоўваннем насельніцтва і іншымі непалітычнымі справамі. У Беларусі ў сувязі з падзеямі 1863 – 1864 гг. уводзіць выбарныя ўстановы ўрад не адважыўся. Палітыка недаверу мясцовым памешчыкам працягвалася аж да 1911 г., калі ва ўсходніх губернях Беларусі былі створаны земствы, і то згодна са спецыяльным выбарчым законам.
Гарадская рэформа. Са спазненнем на 5 гадоў у Беларусі была праведзена гарадская рэформа (у Расіі прынята ў 1870 г.). Яна абвяшчала прынцып усесаслоўнасці пры выбарах органаў гарадскога самакіравання – гарадской думы і гарадской управы на чале з гарадскім галавой. Пры выбарах членаў думы (гласных) права голасу атрымлівалі гараджане з 25-гадовага ўзросту. Аднак гэтым правам маглі карыстацца не ўсе жыхары горада, а толькі тыя, хто плаціў гарадскія падаткі. У сваю чаргу яны падзяляліся на тры выбарчыя курыі (у залежнасці ад памеру выплачваемага ў гарадскую казну падатку). У першую ўваходзілі найбольш буйныя плацельшчыкі, якія плацілі трэць агульнай сумы гарадскіх падаткаў (такіх людзей у горадзе звычайна налічвалася некалькі дзесяткаў); у другую – сярэднія падаткаплацельшчыкі, што таксама плацілі трэць гарадскіх падаткаў (такіх было некалькі соцень); у трэцюю – дробныя падаткаплацельшчыкі, што выплачвалі астатнюю трэць агульнай сумы (іх было ў некалькі разоў больш, чым выбаршчыкаў 1-й і 2-й курый). Пры гэтым кожная курыя выбірала аднолькавую колькасць членаў гарадской думы. Такім чынам, уведзеная сістэма гарадскога самакіравання забяспечвала ўладу купцам, прадпрымальнікам, уладальнікам нерухомасці. Напрыклад, у выбраных гарадскіх думах першага 4-годдзя дваране і духавенства складалі 15 % усіх гласных, у другім 4-годдзі – звыш 18 %, у трэцім – больш за 20 %. Домаўладальнікамі былі да 90 % гарадскіх гласных. У сваю чаргу, рабочыя, служачыя, інтэлігенцыя, якія складалі асноўную масу насельніцтва гарадоў, не мелі магчымасці ўдзельнічаць у гарадскім самакіраванні, бо не плацілі падаткі ў гарадскую казну.
Гарадская дума непасрэдна не падначальвалася мясцовай адміністрацыі, але нагляд за дзейнасцю думы ажыццяўляў губернатар праз спецыяльна створаныя губернскія ўстановы па гарадскіх справах. Гарадскі галава ў буйных гарадах зацвярджаўся на сваёй пасадзе міністрам унутраных спраў, а ў дробных – губернатарам. Кампетэнцыя органаў гарадскога самакіравання была абмежавана вузкімі рамкамі гаспадарчых пытанняў: добраўпарадкавання тэрыторыі горада, арганізацыі гарадскога гандлю і транспарту, народнай адукацыі і аховы здароўя, прыняцця санітарных і супрацьпажарных мер. Дума мела права абкладваць падаткамі маёмасць і прыбыткі прыватных асоб, але ў вельмі абмежаваных памерах – не больш за 1 % кошту нерухомасці альбо гандлёвага ці прамысловага прыбытку. Пры гэтым больш за палову сабраных сродкаў выкарыстоўвалася не на гарадскія, а на казённыя патрэбы – утрыманне паліцыі і органаў улады. Разам з тым, нягледзячы на значную абмежаванасць, рэформа гарадскога самакіравання ўсё ж замяніла былыя феадальныя саслоўна-бюракратычныя органы гарадскога кіравання на новыя, заснаваныя на буржуазным прынцыпе маёмаснага цэнзу. Рэформа спрыяла ўмацаванню пазіцый буржуазіі ў дзяржаве, садзейнічала паляпшэнню гарадской гаспадаркі. Аднак феадальныя перажыткі не давалі магчымасці выкарыстаць гарадскую рэформу ў поўнай меры.
Ваенная рэформа. Рэфармаванне арміі ў Расіі пачалося ў 1862 г., калі былі ўтвораны 15 ваенных акруг (у тым ліку і Віленская, у якую ўвайшлі ўсе беларускія губерні) і ўведзены скарочаны тэрмін службы: ў сухапутным войску да сямі і на флоце да васьмі гадоў. У 1867 г. быў прыняты новы ваенна-судовы статут, які зыходзіў з прынцыпаў судовай рэформы 1864 г. Згодна з ім уводзіліся тры судовыя інстанцыі – палкавы, ваенна-акруговы і галоўны ваенны суд. На час вайны ствараўся Галоўны палявы ваенны суд. Рашэнні ваенных судоў падлягалі зацвярджэнню палкавога і акруговага военачальнікаў.
Разам з тым у расійскай арміі яшчэ працягваў дзейнічаць саслоўны прынцып камплектавання войска. І толькі закон 1874 г. увёў замест рэкруцкіх набораў усеагульную воінскую павіннасць. Усе мужчыны з 20-гадовага ўзросту павінны былі служыць у войску (акрамя карэннага насельніцтва Сярэдняй Азіі, Казахстана, Сібіры і Поўначы). У сухапутных войсках тэрмін службы паніжаўся да 6 гадоў абавязковай і 9 гадоў у запасе, на флоце – адпаведна да 7 і 3 гадоў. Таксама ўводзіліся льготы для людзей, якія мелі адукацыю. Тыя, хто скончыў вышэйшыя навучальныя ўстановы, служылі 6 месяцаў, гімназіі – 1,5 года, гарадскія вучылішчы – 3, пачатковыя школы – 4 гады. З увядзеннем усеагульнай воінскай павіннасці ў Расіі былі фармальна рэалізаваны буржуазныя прынцыпы камплектавання арміі. Але на практыцы саслоўнасць не была ліквідавана. Сярод расійскага афіцэрства пераважалі дваране, а ўвесь цяжар салдацкай службы неслі ніжэйшыя саслоўі, у асноўным сяляне, бо прывілеяваныя саслоўі дзякуючы высокай адукацыі і іншым ільготам фактычна вызваляліся ад службы ў войску.
Школьная рэформа. Рэфармаванне школьнай сістэмы (1864 г.) таксама мела буржуазны характар. Школа абвяшчалася ўсесаслоўнай, павялічвалася колькасць пачатковых школ, уводзілася пераемнасць розных ступеняў навучання. У адрозненне ад цэнтральных губерняў Расіі ў Беларусі не было земскіх школ і грамадскасць не дапускалася да кіраўніцтва народнай адукацыяй. Для Беларусі і Літвы былі выпрацаваны спецыяльныя “Часовыя правілы для народных школ”. У адпаведнасці з імі ў кожнай губерні ствараліся дырэкцыі народных вучылішчаў з ліку чыноўнікаў, якія ажыццяўлялі нагляд за работай школ, прымалі на працу і звальнялі настаўнікаў, давалі дазвол на адкрыццё новых школ.
Агульную сярэднюю адукацыю давалі сямігадовыя гімназіі, якія падзяляліся на класічныя і рэальныя. У класічных гімназіях у аснове навучання знаходзілася выкладанне гэтак званых класічных моў – грэчаскай і лацінскай, а таксама гуманітарных дысцыплін. Рэальныя гімназіі павялічвалі аб’ём выкладання матэматыкі і прыродазнаўства за кошт старажытных моў. Выпускнікі класічных гімназій атрымлівалі права паступаць без экзаменаў ва універсітэты. Тым, хто скончыў рэальныя гімназіі, доступ ва універсітэты быў абмежаваны. Яны маглі паступаць пераважна ў вышэйшыя тэхнічныя навучальныя ўстановы.
У 1871 г. рэальныя гімназіі былі пераўтвораны ў шасцікласныя рэальныя вучылішчы, у якіх рэзка скарачалася выкладанне агульнаадукацыйных дысцыплін і пашыралася вывучэнне прыкладных, тэхнічных навук. Выпускнікі гэтых вучылішчаў ужо не маглі паступаць у тэхнічныя інстытуты без экзаменаў, а прыём іх ва універсітэты быў забаронены. З гэтага ж года ў класічных гімназіях спынялася выкладанне прыродазнаўства, скарачалася на палову колькасць гадзін па літаратуры і гісторыі і адпаведна павялічваўся час на вывучэнне старажытных моў. Увогуле, з-за даволі высокай платы за навучанне магчымасць атрымаць добрую адукацыю мелі пераважна прадстаўнікі прывілеяваных і заможных саслоўяў. Для жыхароў Беларусі становішча ўскладнялася яшчэ і тым, што ў краі не было ніводнай вышэйшай навучальнай установы.
Цэнзурная рэформа. Новы цэнзурны статут, прыняты ў 1865 г., значна пашыраў магчымасці друку. Адмянялася папярэдняя цэнзура для твораў памерам не менш як 10 друкаваных аркушаў, а для перакладаў – 20. Выданні меншых памераў абавязкова падлягалі папярэдняй цэнзуры. Буйным перыядычным выданням дазвалялася выходзіць без папярэдняй цэнзуры, але толькі пры ўнясенні вялікіх грашовых закладаў. Пры гэтым органы ўлады мелі права кантролю і прымянення розных санкцый да парушальнікаў закону аб друку – ад грашовага спагнання да закрыцця “нядобранадзейных” газет і часопісаў. Аднак гэта тычылася перш за ўсё цэнтральных выданняў і выдавецтваў. У Беларусі да сярэдзіны 1880-х гг. усе перыядычныя выданні залежалі ад урадавых устаноў і праваслаўнай царквы.
Значэнне рэформ. Буржуазныя рэформы 1860 – 1870-х гг. ХІХ ст., пачынаючы з адмены прыгоннага права, прывялі да значных змен у палітычным жыцці Расіі. Быў зроблены крок наперад па шляху пераўтварэння феадальнай манархіі ў буржуазную. Разам з тым рэформы неслі ў сабе перажыткі феадалізму, былі непаслядоўныя і абмежаваныя. Вялікія адрозненні і адтэрміноўкі ў правядзенні рэформ у Беларусі надавалі ім яшчэ больш абмежаваны і непаслядоўны характар у параўнанні з іншымі рэгіёнамі Расіі, рабілі сацыяльна-эканамічную сітуацыю ў беларускіх губернях складанай і супярэчлівай.
Умацаванне “традыцыяналісцкіх” пачаткаў ва ўрадавай палітыцы Беларусі. Пасля забойства народавольцамі Аляксандра ІІ на прастол уступіў яго другі сын Аляксандр ІІІ (1881 – 1894 гг.). Ва ўнутранай палітыцы Расіі адбыліся значныя змены. Урад Аляксандра ІІІ расцаніў дзеянні народавольцаў як праяўленне “заходніх тэндэнцый” і сканцэнтраваў сваю ўвагу на ўзмацненні “традыцыяналісцкіх” пачаткаў у палітыцы, эканоміцы і культуры. У 1880-х – пачатку 1890-х гг. з’явіўся шэраг заканадаўчых актаў, якія ў гістарыяграфіі ацэньваюцца як “контррэформы”, таму што яны мелі на мэце абмежаваць характар і дзеянне рэформ 1860 – 1870‑х гадоў. Менавіта таму, 1880 – 1890‑я гг. увайшлі ў гісторыю Расіі як перыяд контррэформ.
Традыцыяналізм урадавай палітыкі ў Беларусі, перш за ўсё, праяўляўся ў недапушчэнні гвалтоўнай ломкі ладу жыцця мясцовага насельніцтва, які склаўся гістарычна. Аднак, менавіта ў гэты час агульнаімперскае заканадаўства, адміністрацыйна-палітычнае кіраванне, сістэма адукацыі распаўсюджваюцца на ўсе “ускраіны” Расіі, у тым ліку і на Беларусь, без уліку іх нацыянальных асаблівасцей.
Асаблівасці эканамічнай і саслоўнай палітыкі ў Беларусі. Асновай усёй дзейнасці ўрада Аляксандра ІІІ стала ярка выяўленая саслоўная палітыка. Яна была скіравана ў першую чаргу на падтрыманне эканамічнага і палітычнага статусу дваранства. Перавага, як і ў часы Аляксандра ІІ, аддавалася рускім землеўладальнікам. У 1885 г. быў заснаваны Дваранскі пазямельны банк. У Беларусі ён даваў права “рускім землеўладальнікам” (у тым ліку праваслаўным памешчыкам Беларусі) карыстацца крэдытам пад заклад іх зямель на льготных умовах. У інтарэсах дваран-землеўладальнікаў у 1886 г. было выдадзена “Палажэнне аб найме на сельскія працы”. Яно пашырала права землеўладальніка, які мог патрабаваць звароту рабочых, якія пакінулі працу да сканчэння тэрміну, штрафаваць іх не толькі за ўчынены гаспадару матэрыяльны ўрон, але і за “непадпарадкаванне”, падвяргаць арышту і цялеснаму пакаранню.
Для палітыкі ўрада адносна сялянства было характэрна спалучэнне кансерватыўных мер з дзеяннямі па ўмацаванні яго эканамічнага становішча. Гэтым мэтам служыла заканадаўства, якое было накіравана на захаванне разбураных пад націскам капіталізму патрыярхальных устояў у вёсцы, у першую чаргу, патрыярхальнай сялянскай сям’і і абшчыны. Гэтаму ж спрыяла дзейнасць заснаванага ў 1882 г.Сялянскага пазямельнага банка (у Мінску яго аддзяленні былі адчынены ў1886 г.), які выдаваў пазыкі на пакупку зямлі як асобным домаўладальнікам, так і сельскім таварыствам. Праз яго пасрэдніцтва прадаваліся і памешчыцкія землі; вялікія плошчы зямлі сталі паступова пераходзіць да сялян. Гэтымі мерамі заходнія губерні збліжаліся з іншымі губернямі Расіі.
Аднак, прававое становішча сялян зведала істотныя абмежаванні. 12 ліпеня 1889 г.было выдадзена“Палажэнне аб земскіх начальніках”. У Беларусі гэты закон быў уведзены ў чэрвені 1900 г. і толькі ў Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губернях. У кіраванні сялянскімі справамі на месцах з’явілася новая асоба –земскі начальнік, паўнамоцны распарадчык жыцця вёскі і нават ў пэўнай ступені і асобы селяніна. Дзейнасць сялянскага сходу ставілася ў поўную залежнасць ад земскага начальніка. Валасны міравы суд, да таго часу незалежны ад адміністрацыі, скасоўваўся. Земскім начальнікам было дадзена права накладваць штрафы і арыштоўваць сваіх падапечных на тэрмін да трох дзён.
11 чэрвеня 1892 г.было зацверджана новае“Гарадское палажэнне”, якое рэзка павышала маёмасны цэнз пры выбарах органаў гарадскога самакіравання і ўзмацняла кантроль над ім з боку ўрадавай адміністрацыі. Права ўдзелу ў выбарах гарадской думы пазбаўляліся не толькі немаёмныя слаі гарадскога насельніцтва, але і дробная буржуазія – дробныя гандляры, прыказчыкі і інш. Перавага аддавалася дваранам-домаўладальнікам, буйной гандлёвай, прамысловай і фінансавай буржуазіі, вынікам чаго стала рэзкае скарачэнне колькасці выбаршчыкаў. Напрыклад, у Мінску ў 1893 г. яны склалі ўсяго 1 % насельніцтва горада (ў 14 разоў меней у параўнанні з выбарамі паводле закона 1870 г.).
Развіццё прамысловасці і ўздым рабочага руху ў буйных прамысловых цэнтрах Расіі паставілі на чаргу рабочае пытанне. У 1880 – 1890‑я гг. урадам прымаецца шэраг заканадаўчых актаў, якія абмяжоўвалі эксплуатацыю фабрычна-заводскіх рабочых. У 1882 г. быў выдадзены закон, які забараняў начную працу на фабрыках дзецям да 12-гадовага ўзросту. У тым жа годзе быў прыняты закон аб увядзенні фабрычнай інспекцыі для нагляду за выкананнем фабрычнага заканадаўства. За ім услед прынялі закон 12 чэрвеня 1884 г. аб школьным навучанні малалетніх, якія працуюць на фабрыках. 3 чэрвеня 1885 г. быў выдадзены закон аб забароне начной працы падлеткам (да 17 гадоў) і жанчынам. У 1886 г. быў абмежаваны памер штрафаў і ўводзіліся разліковыя кніжкі, дзе вызначаліся ўмовы найму рабочых. У 1897 г. працягласць працоўнага дня абмяжоўвалася 11,5 гадзінамі. Аднак прынятыя законы асабліва не паўплывалі на становішча рабочых Беларусі. Кантроль за ажыццяўленнем законаў аказаўся вельмі слабым, у дадатак яны не распаўсюджваліся на дробную і рамесніцкую вытворчасць, а буйных прадпрыемстваў на Беларусі было мала.
Змены ва ўрадавай палітыцы ў Беларусі па нацыянальнаму і рэлігійнаму пытаннях. Становішча ў Беларусі ўскладнялася рознымі абмежаваннямі ў дачыненні да польскага (каталіцкага) і яўрэйскага (іудзейскага) насельніцтва. У сувязі з паўстаннем 1863 – 1864 гг. палякам з 1865 г. забаранялася набываць маёнткі інакш як па спадчыне. Польскія памешчыкі былі пазбаўлены магчымасці карыстацца льготнымі пазыкамі Дваранскага банка. Беларускія сяляне-католікі маглі набываць не больш як 60 дзесяцін зямлі на сям’ю. У пачатку 1890‑х гадоў у беларускія губерні была выселена значная колькасць яўрэяў з гарадоў Цэнтральнай Расіі, у выніку чаго стварылася штучная перанаселенасць беларускіх гарадоў. Яўрэяў не прымалі на работу ў дзяржаўныя ўстановы, паліцыю, на афіцэрскія пасады ў арміі, на чыгуначны транспарт. Існавала працэнтная норма прыёму яўрэяў у сярэднія і вышэйшыя навучальныя ўстановы.
Цэнзура і асвета. У 1882 г. быў устаноўлены строгі адміністрацыйны нагляд за газетамі і часопісамі. Іх рэдакцыі павінны былі па першым патрабаванні Міністэрства ўнутраных спраў называць імёны аўтараў, якія друкаваліся пад псеўданімамі. Узмацніліся рэпрэсіі супраць апазіцыйных выданняў, многія з якіх былі закрыты.
У 1880-я гады ўрад прыняў шэраг пастаноў, якія ўводзілі шмат абмежаванняў у сістэму адукацыі. Выдадзенае ў 1884 г. “Палажэнне аб царкоўнапрыходскіх школах”, у якіх вучыліся ў першую чаргу дзеці сялян, падкрэслівала рэлігійную аснову пачатковага навучэння. Узмацніўся кантроль за кантынгентам навучэнцаў сярэдняй школы. У 1887 г. міністр народнай адукацыі выдаў цыркуляр (у грамадстве яго называлі цыркуляр “Аб кухарчыных дзецях”), які забараняў прымаць у гімназіі дзяцей ніжэйшых саслоўяў гарадскога насельніцтва. У гэты ж час рэальныя вучылішчы былі пераўтвораны ў тэхнічныя вучылішчы, заканчэнне якіх не давала права паступаць у вышэйшыя навучальныя ўстановы. Вышэйшая адукацыя таксама была пастаўлена пад больш жорсткі кантроль з боку ўрадавай адміністрацыі. Універсітэцкі статут 1884 г. фактычна ліквідаваў аўтаномію універсітэтаў у кіраванні. З 1887 г. каб паступіць ва універсітэт, трэба было прадставіць характарыстыку аб “добранадзейнасці”, а плата за год навучання павялічвалася з 10 да 50 рублёў. Усё гэта, безумоўна, закранала інтарэсы жыхароў Беларусі, дзе пасля закрыцця ў 1864 г. Горы-Горацкага земляробчага інстытута не засталося ніводнай вышэйшай навучальнай установы і, каб атрымаць вышэйшую адукацыю, трэба было ехаць у Пецярбург, Маскву ці Кіеў.
Такім чынам, эпоха Аляксандра ІІІ у сацыяльна-эканамічным, палітычным і культурным развіцці Беларусі адзначаецца супярэчлівасцю. З аднаго боку, гэты быў час эканамічнай стабілізацыі грамадства, павелічэння насельніцтва Беларусі. З другога боку, мела месца поўнае неразуменне асаблівасцей гістарычнага і нацыянальнага развіцця краю. Палітыка расійскага ўрада спрыяла зараджэнню і актыўнаму праяўленню нацыянальнага руху ў Беларусі.