Знаёмства з файлавай сістэмай
У алгарытмічных мовах выкарыстоўваецца тэрмін «файл» для вызначэння спецыяльна арганізаванай паслядоўнасці кампанентаў аднаго і таго ж тыпу, парадак чаргавання якіх вызначаецца самой паслядоўнасцю.
У любы момант даступны толькі адзін кампанент файла. Іншыя даступны шляхам прагляду файла. Колькасць кампанентаў, якую называем даўжынёй файла, пры апісанні файла ў праграме не фіксуецца. Файл, які не ўтрымлівае ніводнага кампанента, называецца пустым.
Над файлам можна выконваць два яўныя дзеянні:
прагляд файла (з пачатку ў канец); пры гэтым у любы момант даступны толькі адзін кампанент файла. У час прагляду файла забараняецца змяняць значэнні кампанентаў;
стварэнне файла, якое атрымліваецца ў выніку дабаўлення новых кампанентаў у канец першапачатковага пустога файла.
Усе астатнія дзеянні над файламі ёсць кампазіцыя яго прагляду і стварэння.
Для паслядоўных файлаў працэсы стварэння і прагляду файлаў не могуць адвольна чаргавацца. Гэта чаргаванне стала магчымым для файлаў з прамым доступам.
Паслядоўны доступ – асноўная ўласцівасць усіх прылад з механічным перамяшчэннем. Многае, што тычыцца файла, звязана са складанасцю рэалізацыі яго на вылічальнай машыне. Для захавання файла прыцягваюць запамінальныя прылады (ЗП). Некаторыя ЗП на самай справе дапускаюць толькі паслядоўны доступ да інфармацыі, якая знаходзіцца на іх. Гэта тычыцца прынтэра, дысплея. Але ж і на дысках кожная асобная дарожка – прылада з паслядоўным доступам.
Прамы доступ – паслядоўны доступ, але ў двухмернай прасторы.
Файлавы тып
Файлавы тып – гэта «акно ў свет» для праграмы на мове Pascal. Пры дапамозе файлавай сістэмы праграмай здзяйсняецца ўвесь увод і вывад інфармацыі.
Файл – гэта спецыяльна арганізаваная паслядоўнасць даных, размеркаваных па-за рабочай памяццю праграмы (на ЗП).
Некаторыя файлы могуць толькі прымаць інфармацыю (напрыклад, прылады друку), некаторыя – толькі выдаваць інфармацыю (напрыклад, клавіятура), многія і прымаць, і выдаваць. Гэтая ўласцівасць дыктуецца канструкцыяй знешніх прылад.
Вызначаючы файлы ў праграме, мы можам пры іх дапамозе зносіцца з перыферыяй ПК і ў тым ліку накопліваць даныя, каб пазней звяртацца да іх. Файлавыя тыпы мовы Pascal адрозніваюцца толькі тыпамі даных, якія змяшчаюцца ў іх.
Тэкставыя файлы – гэта файлы, якія будуюцца з ASCII кодаў сімвалаў (разам з кіруючымі кодамі). Яны арганізуюцца па радках, утрымліваюць коды #13=^М і #10=^J і абавязкова спецыяльны код, які называецца канцом файла (код #26=^Z). Асноўная ўласцівасць такіх файлаў у тым, што яны могуць быць створаны і праграмным шляхам, і ў нейкім тэкставым рэдактары.
Файлы з тыпам – кампанентныя файлы. У адрозненне ад тэкставых файлаў, файлы з тыпам будуюцца з машынных уяўленняў даных наперад аб’яўленага тыпу. Яны захоўваюць даныя ў тым жа выглядзе, што і ў аператыўнай памяці ПК. Значыць, асноўная ўласцівасць такіх файлаў у тым, што яны не могуць быць створаны непраграмным шляхам. Такія файлы маюць справу з данымі наперад аб’яўленага тыпу.
Нетыпізаваныя файлы маюць справу з адвольнымі наборамі байтаў незалежна ад іх структуры і прыроды.
Пры дапамозе файлавых тыпаў вызначаюць файлавыя пераменныя, якія маюць адну ўласцівасць: яны не могуць удзельнічаць у аператарах надання значэння.